Паміраюць вёскі…
Паміраюць вёскі… Паміраюць
Без чумы, бяз мору, без вайны.
Цэлыя сузор’і патухаюць
Назваў вёсак роднай стараны.
Дубавое, Пірагі, Мартасы,
Стаськава, Трубіліна, Дубкі…
Не прапалі за ваенным часам,
Зьніклі з мапы ў мірныя вякі.
Быццам невядомая навала
Ўвасабленьне незямнога зла
Рукі-ногі паралізавала,
У магілы ўсіх людзей зьвяла.
Гракава, Пажарышча, Заходна,
Хізава, Шкалёўка, Баркуны…
Хто натхняльнік той антынароднай
Дзікай неаб’яўленай вайны?
Адкажыце ж мне: калі, нарэшце,
Над краінай зашуміць вясна,
Спыніцца праклятае нашэсьце,
Скончыцца бясконцая вайна?
21.05.2013