Сухім пергаментам — бяросты скрутак.
Мурашкі-літары... На сэрцы смутак:
пісаць вучылася палеская дзятва,
як вылі «юнкерсы» па сорак сутак,
гарэлі воблакі, і дрэвы, і трава.
Нястачы сведка — сшытачак з гаймага.
Па шоўку сонечнай кары адвага
вадзіла, пішучы, няўмелую руку:
«Радзіма. Вежа. Сцяг.
Палон і Смага»,
Гучаць такія ж словы ў «Слове аб палку»!
Гартала вечны лемантар дуброва;
суняўшы кашаль, грэлася ў пакровы
на папялішчах бесхацініца-вайна.
...Ніколі не загіне наша мова,
калі ў такім агні
не згінула яна.