Прачнуўся зернем матчынай вантробы,
каштоўным зліткам найвышэйшай пробы,
празрыстай кропляй раніцою роснай,
канструкцыяй умоўнасці дзьвюхкоснай.
Прачнуўся парабкам на згатаваным збожжы,
вандроўнікам у чорным бездарожжы,
цяжарнай дзеўкай пад аблезлым стогам,
сам-насам у размове вечнай з богам,
блакітным небам над пагрозай мора,
зямлёй пахучай з бацькавай разоры,
драўляным плотам радавой хаціны,
мядовым пахам казачных мясцінаў,
гаротным смуткам у вачах бабулі,
працяглым крыкам – каб усе пачулі.
Прачнуўся дрэвам, ссохлым ад нядолі,
аргана гукам у старым касцёле,
тым вольным ветрам, што пяе над дахам,
духмяным хлебам у касца пад пахай,
рыпучым колам на лясной дарозе,
пакінутаю ружай на марозе,
святлом дрыжачым крэсіва вядзьмаркі,
шыпеннем чулым на патэльні шкваркі.
Прачнуўся рэхам плачу з падзямелляў,
з чужога шалу ў жудасным пахмеллі,
халоднай цемрай змрочнага завулка,
душой без аніводнага прытулку,
пялесткам кволым у пяшчанай буры,
балючым шрамам на дзіцячай скуры…
Прачнуўся золкам на пачатку лета.
Усхвалявана ўзняўся: “Маю мэту!”