Прагулка на выратавальным катары
Адчаліўшы ва ўсёй красе,
пакінуў ззаду пляж стракаты,
па гладзі возера нясе
мяне выратавальны катар.
А возера – глядзіць яно
на п’яных позіркам халодным.
І бачу ласты я ля ног,
і кіслародныя балоны,
і рацыю каля руля –
у поўнай баявой мой катар
па гладзі возера гуляў,
гуляка і ваяка ў латах.
У возеры няма акул.
Тут вораг для нырцоў – кілішак.
Спакойна на вадзе пакуль –
і рацыя маўчыць, не кліча.
“Спакойна – значыць, пагуляць
магу!” – раве маторам судна.
Гляджу – і з судна бачу я
выратавальніцкія будні.
Ух, пагуляў! Цяпер шыбуй
назад – туды, дзе пляж стракаты.
Прагулачным часцей ты будзь,
а не выратавальным, катар!