Прысвячаю Маладзёжнай
У дзяцінстве маім
За бацькоўскаю хатай і садам
Вабіў кветкавы луг
З шаўкавістай зялёнай травой.
Скрозь празрысты лядок
Мы ўзімку цікаўным паглядам
Назіралі за светам дзівосным,
Што быў пад вадой.
Час няўмольны, мы выраслі.
Луг той даўно асушылі,
Не пазнаць тых мясцінак,
Дзе наша маленства было.
Маладым пад будоўлю
Ўчасткі на лузе разбілі—
Прыгажэе, будуецца
Роднае наша сяло.
Там, дзе, пэўна, захоўвалі
Любыя сэрцу сцяжынкі
Цеплыню нашых босых,
Ніколі не стомленых ног,
Узняліся няспешна
Дабротныя хаты-будынкі
Быць надзеяй, ратункам
Ад розных няўдач і трывог.
Не прыйшлося ламаць галаву
Вельмі доўга нікому,
Як жа новую вуліцу
Лепей за ўсё нам назваць?
Варыянт “Маладзёжнай”
Прыйшоўся па густу любому,
Лепшай назвы, напэўна,
Ужо немагчыма і даць.
Прамільгнулі гады
І юнацтва даўно за гарамі.
Маладосць развітальна
Спявае на крылах вятроў.
Толькі знаю, яна будзе ў дзецях,
Таму побач з намі,
Значыць жыць Маладзёжнай
Праз многа і многа гадоў.
1999 г.