Прысвячаю сястры Валі
Старанна сястры памагаю збірацца.
Ёй годзік з паловай, а мне ўжо дванаццаць.
Памыла ёй тварык, сукенку надзела,
Я маміну ролю выконваю смела.
З сястрою мы ў госці ідзём да бабулі,
Таму і сандалікі з ёю абулі.
Там дзядзька прыехаў ажно із Данбаса,
І ў нас для гасцінцаў кішэні з запасам.
Хросны з сям’ёю сустрэў вельмі ветла,
І час у забавах ляцеў непрыкметна.
Ды раптам гляджу я, сястрычка прапала.
Шукаю, гукаю, ну быццам растала.
Бягу я сцяжынкай ля плоту і плачу,
Няўжо я цябе больш ніколі не ўбачу.
Спраўлялі на днях 40 дзён мы па брату,
Яшчэ і цяпер не зайду сама ў хату.
І вось ужо зноўку няшчасце…Знайдзіся,
Малю і прашу я сястру—адгукніся.
Цукеркі твае я не буду больш красці,
І з гушкалкі больш я не дам табе ўпасці.
І крыўдзіць братам я цябе не дазволю,
І буду на ручках насіць цябе ўволю…
Я ж у сям’і за старэйшую стала,
Калі брата смерць без дазволу забрала.
Доўга шукала сястрычку малую,
Пакуль не сустрэла кабету старую.
Яна паказала парэпаным пальцам,
Куды за дзяўчынкай-гарэзай падацца.
…Маленькія ножкі ідуць па дарозе.
Я да сястры падбягаю ў знямозе,
Цалую пяшчотна, за ручкі трымаю,
Сваруся і зноў да сябе прыціскаю.
І вось ужо гэтай дзяўчынцы свавольнай,
Чвэрць веку адлічвае час наш няўмольны.
Не дай толькі, Божа, расстацца-згубіцца,
Няхай гэта нават і ў сне не прысніцца.
1995 г.