Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Прытча пра двух манахаў

Сярэдняя: 4.6 (16 галасоў)

Манахі-святары - стары і малады -
Вярталіся аднекуль у абіцель.
Ды шлях ім заступіў прасцяг - абшар вады -
З-за ліўняў моцных рэкі разліліся.

Ускрай жа той вады заўважылі яны
Малодку-прыгажуню. (Ратуй Божа!)
Хоць трэба ёй прайсці – баіцца глыбіні…
Але ж...ці хто ёй, беднай, дапаможа?

Жанчыну ў рукі ўзяць? Якія там труды?
Манахам жа - па веры немагчыма!
Таму вось малады, збягаючы бяды,
Агідна адвярнуўся ад дзяўчыны.

Стары жа падышоў, малодку падхапіў
І зграбна праз раку панёс - на сушу …
Ды ўвесь астатні шлях манахі моўчкі йшлі ,
Аж покуль цішыню юнак не ўзрушыў:

“Як мог ты так зрабіць! Ты ж праведнікам быў!
Жанчыну ў рукі ўзяў - парушыў воту!”
Стары жа адказаў: “Аднёс - ды ўжо забыў!
А ты – яшчэ дасюль нясеш употай!”