Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Пурпуровае неба над горадам М.

Сярэдняя: 4.5 (10 галасоў)

Я люблю пурпуровае неба над домам маім,
Калі дзень адгарэў, калі ў вокнах пагасла сьвятло,
І смарагдавых зорак нябачныя кроплі на ім,
І каб цэлую ноч да сьвітанку няспынна ліло.

Я люблю, калі пахне язьмінам і летнім дажджом,
Калі лісьце кранае бязважкага ветру павеў,
Калі фары машыны, што едзе аціхлым дваром
Мне на столі малююць карункі галінкамі дрэў.

Я люблю папаліць ля вакна месяцовай парой,
Калі ў шыбы дрыготкімі крылцамі б’юць матылькі,
Калі едзе апошні тралейбус па вулцы маёй,
І калі па чыгунцы на захад ідуць цягнікі.

Дапалю, за сьпіной цыгарэтны разьвеецца дым,
А калі я засну, мне прысьніцца мой горад і двор,
А яшчэ – пурпуровае неба над домам маім,
І нябачныя воку суквецьці смарагдавых зор.