Разабралі вяскоўцы хаціну,
Што стаяла шмат год без патрэбы.
Вушакі ад дзвярэй хтосьці кінуў,
Упершыню на іх дзівіцца неба.
Ад маленькай сялянскай калыскі,
Паміж тым, як расло дзіцянё,
На вушак тут паклаў хтосьці рыскі
Да пары як пайшло ў жыццё.
Нібы ў сне, адплыла тых дзён лодка
І пяшчотнай жанчыны рука,
Быў Вялікдзень, пірог быў салодкі,
І на цёплай падушцы шчака.
На які ж мяне роздум наводзяць
Рыскі, што праляглі знізу ўверх?
У якім жа краю цяпер ходзіць
Той дарослы даўно чалавек?
Разабралі вяскоўцы хаціну,
Тут завей цяпер будзе выццё.
А былі ж тут калісьці часіны,
Калі спела, квітнела жыццё.