Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Студэнцкія сяброўкі і сябры...

Яшчэ не ацэнена

Студэнцкія сяброўкі і сябры…
Якая асалода ад сустрэчы!
А колькі ж год мінула з той пары,
Калі нас разлучыў расстання вечар?!

Сустрэліся… Эх, нам бы – ды назад –
У час, калі былі мы маладымі,
І верылі ў шчаслівы зоркапад,
І трызнілі ідэямі сваімі!

Тады было наперадзе жыццё
І мары – ў фарбах казачна-ружовых…
І радаснае першаадкрыццё
Пачуццяў, думак рознакаляровых...

Здавалася – ўвесь свет – ля нашых ног,
А шлях далейшы – светлы і бясконцы.
Ды кожнаму свой лёс прызначыў Бог.
І кожнаму – свае дажджы і сонцы.

Сустрэліся. Хоць нельга не пазнаць
Усіх, каго забыць і немагчыма,
На жаль, свавольства часу не суняць –
На тварах – вэлюм сталасці – маршчыны…

“Ты – як?”… “ Ты – дзе?”… “А муж, а дзеці – ёсць?”…
Абдымкі, пацалункі, хвалі смеху…
Ўспаміны пра юнацтва – хмельны госць,
Які да нас, сягонняшніх, заехаў.

Яго прыемна шчыра павітаць
І з ім паразмаўляць пра ўсё з ахвотай.
Ды ледзь пачнеш юнацтва ўспамінаць –
Як тут жа і ўціраеш слёзы ўпотай…

Шкада. Бо ўжо не тая весялосць,
І мы, на жаль, ужо не тыя людзі.
Таму бывай, жар-птушка – маладосць!
А мы цябе ніколі не забудзем...

22.12.2010