Тчэ палатно жыцця…
Цяпер у школу ходзім толькі ў госці,
Разбурыў час у маленства наша мосцік,
Вядуць туды ўспаміны-сны упарта.
Зноў школьніцаю хочацца прачнуцца,
У клас знаёмы да сяброў вярнуцца,
Дзе кожнага сустрэне свая парта.
Забыўшыся пра модныя прычоскі,
У снах хачу я банты ўплесці ў коскі
І ў школьную сукенку апрануцца.
Хачу гуляць на шумных перапынках,
Што прабягаюць, як адна хвілінка,
Шмат аддала б я, каб туды вярнуцца.
З настаўнікаў убачыў хтосьці першы,
Як я на алгебры пісала вершы.
За даўні грэх прашу мяне прабачыць.
Тады паэткай хлопцы ахрысцілі
І доўга той мянушкаю дражнілі.
Ніхто не мог мой шлях тады прадбачыць.
Тчэ палатно жыцця мой лёс на кроснах,
І вось мінула двадцаць зім і вёснаў,
Як баль свой выпускны мы адзначалі,
Як плакалі ў сукенках сваіх белых,
І хлопцы суцяшалі нас няўмела,
Як разам усход сонца сустракалі.
Раскідала жыццё нас па ўсім свеце,
У кожнага растуць свае ўжо дзеці,
Настала ў школе іх пара вучыцца.
Яны яшчэ ўсяго не разумеюць
І шанаваць, што маюць, не умеюць,
Ды сон такі пасля і ім прысніцца.
1996 г.