Ці хопіць часу беларусам стаць
жыцця да скону:
на роднай мове вольна размаўляць –
не біць паклонаў,
сягаць на ёй у думках да нябёс,
спяваць і плакаць,
не наракаць на дараваны лёс,
калі й на пласе,
да холаду ў зубах, прыпаўшы піць
з яе крыніцы;
край любы ўзбагачаць і бараніць,
ім ганарыцца;
не слухаць песен зманлівых сірэн,
іх звон атрутны;
быць духам – моцным, ў споведзі – шчырэй,
душой – раскутым;
адвагу ў сэрцы мець – не дазваляць
зямлі абразу?..
Ці хопіць часу беларусам стаць?
Ці хопіць часу?..
гэта пытанне зараз устае
гэта пытанне зараз устае перад кожным беларусам.