У доміку Таўлая
Нібы ля дзеда ўнук-паэт,
ля замка – дом-музей Таўлая.
Яго пакой, яго партрэт
і лямпа на стале старая.
Здаецца, у пакоі тым
яго і сёння чутны крокі.
Пачуй, як дыхаюць лісты,
дыханне дакументаў копій.
Пераступі цяпер парог
пад гэтым позіркам нязгасным –
зрабі з яго пакоя крок
у свет паэзіі сучаснай.
А на другім паверсе ты
майстроў паэзіі пабачыш.
“Суквецце” тут – заходзь сюды!
Глянь, колькі сэрцаў тут гарачых!
Смялей! Не цісніся ў кутку!
А мо і ты таленавіты?!
Табе падораць кніжку тут
з аўтографам паэта Ліды!
Адчуй паэзіі цяпло,
снег лістапада, зелень мая:
нязгаснае яе святло
гарыць у доміку Таўлая.