У дзень прысягі
Няласкавы дзень
І па-восеньску хмуры ды волкі,
Нават сонца прамень
Не пускаюць цяжкія аблокі.
На плацу ўсе прымоўклі,
Прысягі ўрачыстай чакаюць,
Спадзяюся ўпотай.
Што здалёку сыночка пазнаю.
Хто ж раней, як не маці,
Пазнае радзімыя вочы?
Я ў іх, нібы ў люстэрка,
Глядзела дзянёчкі і ночы.
Як карміла малога,
Ад розных хвароб ратавала,
Я ж у сынавы вочкі
З любоўю ўсё пазірала.
Дзе ж знаёмыя рысы?
Адчай у мяне непадробны
Як дзве кроплі вады,
Салдаты ў шарэнзе падобны.
Я малодшага сына
Мацней да сябе прыціскаю
І ўмольна-разгублена
Мужу ў твар пазіраю.
Ну, чаго ты стаіш?
Як-ніяк, ты мужчына,
Ты ж і ростам вышэй,
Адшукай хутчэй сына.
Я хвалююся,
Больш анічога не бачу
І, здаецца, вось-вось
Ад адчаю і крыўды заплачу.
Муж смяецца, жартуе:
“А як жа інстынкт мацярынскі?
Ну, няўжо не пазнаеш?
А яшчэ гадавала з калыскі…”
Яму смешна, мне крыўдна,
Адыходжуся моўчкі ўбок,
А з калоны салдацкай
Пазірае з усмешкай сынок.
Падбягае, цалуе.
Міргнуў бацьку ўпотай,
Зазначыў:
“Цябе першую, мама,
Я ў натоўпе ўбачыў”.
1998 г.