Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1998

Сярэдняя: 4 (8 галасоў)

Апошні званок

Няўмольны рух жыцця і хуткаплынны.
Вось і для вас прыйшоў расстання час.
Хвалюючыя ціхія хвіліны
Яшчэ ўспамінам вернуцца не раз.

У кожнага свае былі сцяжынкі
Да роднай школы ад бацькоўскіх хат.
Цяпер і вы не хлопчыкі, дзяўчынкі,
А выпуск школы з юнакоў, дзяўчат.

Дзяцінства больш не вернецца ніколі—
Пераступілі вы яго парог.
І гэты ранак развітальны ў школе
Успомніцца на тысячах дарог.

Званок апошні сэрца ўстрывожыць
І адаб’ецца смуткам у вачах.
З дзяўчынак хтосьці і заплача можа—
Зусім не так, як плачуць па начах.

Наперадзе іспыты, хваляванні
І баль, што пройдзе праз усё жыццё.
І будуць зноў сустрэчы і расстанні,
І светлага кахання пачуццё.

Усё будзе, толькі вось у школу
Не давядзецца болей вам хадзіць
І ранцы па апаўшым лісці долу
З сабою будуць іншыя насіць.

Настаўнікам свой “дзякуй” развітальны.
Вам шмат разоў захочацца сказаць.
На балі з імі да зары світальнай
Вы будзеце спяваць і танцаваць.

Святлеюць ад усмешак добрых твары.
Як многа сёння кветак і гасцей!
Хай збудуцца надзеі ўсе і мары.
А ў школу ўсё ж прыходзьце вы часцей.

1998 г.



Сярэдняя: 4.3 (4 галасоў)

Віно, як недапітае каханне...
Я напаўняю куфар, я лаўлю
з невыказаным сэрцам хваляваннем
твой твар і вочы ў бляску крышталю.
І, пахам адурманены знаёмым,
шукаю вуснаў. Сам у барацьбе
яшчэ сяджу хвіліну нерухомы,
а потым выпіваю, як цябе...



Сярэдняя: 4.8 (6 галасоў)

І сьніцца мне лісток асіны,
Таполі лісьце залатой.
І сьняцца ў чырвані рабіны
Уздоўж сьцяжынкі паласой,
Якою бегаў да крыніцы,
Нагой ступаў у глыб вады
І чуў як казкі, таямніцы
Шапталі мне палі, сады...
Як вербы, бачыў, мылі косы
І ветру шэлест чуў і гам,
Я чуў, як плачуць ранкам росы
На павітаньне сонным дням.
І сьніцца мне лісток асіны,
Радзімы восень сьніцца мне -
Дажджоў халодных валасіны,
Вось толькі думкі аб вясьне...



Сярэдняя: 4 (9 галасоў)

Я кветкі першыя збіраю,
Бяру пясчотна іх у жменю,
І сэрца поўніцца да краю
Вясновым ціхім задуменнем.
Твар медуніцы, ледзь ружовы,
Пяе мне песню пра каханне,
І я стаю, губляю словы,
Ў душы адно замілаванне.
Пралескі водар непаўторны
Мне муціць раптам разуменне.
Лячу, здаецца, шляхам зорным.
Спыніся, ўзнёслае імгненне.
Вясновы подых сэрца грэе.
Без слоў і гукаў я спяваю.
О , прыгажосць, вясна, надзея!
Я слаўлю вас, бо я кахаю.