Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

У хвіліны роздуму

Сярэдняя: 4 (1 голас)

У хвіліны роздуму

Першы раз бачыць хата такое застолле,
Я гасцям вельмі рада. Ім сёння раздолле.
Хай яны весяляцца, пяюць, хараводзяць—
Майго першынца-сына на службу праводзяць.

Сэрцам я прызнаю, што час мірны, вядома,
Не паспееш адвыкнуць, а сын ужо дома.
Ды знайшла непрыкметна я ціхі куточак,
Там паплачу ўпотай, каб не бачыў сыночак.

Сэрца ўсё адчувае. Ды што з таго маці,
Калі першым расстаннем павеяла ў хаце.
Калі раптам да болю ўсё зразумела,
Што любіла сыночка не так, як умела!?

Вельмі рана ў сям’і ён старэйшым зрабіўся,
Братоў меншых глядзеў, раўнаваў, часам біўся.
І хаваўся не раз у таемны куточак.
За ўсе крыўды прашу прабачэння, сыночак,

За ўсе слёзы, якія не выцерла з ласкай,
За ўсе ночы, калі ты лажыўся без казкі,
І за тое, што часу на ўсіх не хапала,
І ўвагай не раз я цябе абдзяляла…

Але грэе мне сэрца далёкая ночка,
Калі першынца я нарадзіла—сыночка.
Як жа моцна, аддана яго я любіла!
Гэта потым любоў я на часткі дзяліла.

Дасць Бог, будуць не раз яшчэ ў хаце застоллі,
Будуць песні звінець на ўсё наваколле.
А цяпер ужо з хаты пара нам выходзіць,
Майго любага сына на службу праводзіць.

1998 г.