У слова — свая вага,
Слова — розуму рэха.
Слова — мая туга,
Слова — мая ўцеха.
Можа, нябесную высь,
Дзе хмары свінцовыя ходзяць,
Сёння, як і калісь,
Слова адно распагодзіць.
Слова — абрыў стром,
Слова — да згоды сцежка,
Слова — знішчальны гром,
Слова — раптоўная ўсмешка.
Робяцца з пэўнай пары
Ад слоў, што вякі сабралі,
Ворагамі — сябры,
А ворагі — сябрамі...
Слова — імя навізны,
Імя старадаўніх паходаў,
Слова — жывы сувязны
Стагоддзяў, шырот і народаў.
Слова — над прорвай мост,
Дзе ані ўлева, ні ўправа,
А толькі наўпрост і наўпрост...
Слова — таксама справа!
Даводзячы пачуццём,
Што слова — думкі выснова,
Расцём,
Каб усім жыццём
Сказаць сваё слова!
Надзвычайная мудрасць і
Надзвычайная мудрасць і глыбіня!