З дарог запыленых
I душных
У сны вяртаюся
I вёсны...
Я па-вясковаму
Відушчы
У межах роднай вёскі.
Са мной
Вітаецца старая
I ледзь знаёмая
Жанчына.
Я так знаёма пазіраю
Сам на сябе
Яе вачыма...
I адчуваю,
Як аблога
Гадоў распалася.
Дзядзінец.
Пад ценем тупаю
Былога
Свайго шчаслівага дзяцінства...
Над ганкам
Даўняя падкова,
Што нейкі конь
На шчасце скінуў.
Якое ж шчасце
У вясковых,
Што раптам сталі
Гарадскімі?..
Ці малады я,
Ці пажылы –
У сны вяртацца мне
I вёсны:
Мне цёмна дыхаць
На чужыне,
Мой родны дом –
У роднай вёсцы.