У свеце рыцараў
Стаў нядаўна я, паверце,
членам рыцарскага клуба.
Стаў – і апынуўся ў свеце
рыцараў ды дам-галубак.
Тут даспехі, зброю носім мы.
Тут васальныя адносіны.
Для турніру, для пацехі
зброю робім і даспехі.
Праліваю пот-раку:
трэніруе меч руку.
Рыцарскі ідзе турнір.
Мы на рыцарскай гульні.
Па наплечніку б’е меч.
Дакрануцца бы да плеч!
Крыжакоў сяку сякірай.
Гляньце, меткі ўдар які мой!
Дзідаю трапляю ў цэль –
у плашча тэўтонца бель.
Звон мячоў, тарана гром –
крэпасць штурмам мы бяром.
Сходзімся грудзьмі на грудзі.
Схопліваемся ў бугурце.
Тут, у дзейнасці кіпучай,
рыцары не толькі б’юцца.
Рыцар – кавалер галантны.
Ветлівасць не скрылі латы.
Ён у шахматы гуляе,
мала ў іх фігур губляе.
Рыцар – майстар танцаваць,
можа ў танцах падкаваць.
Майстар у складанні вершаў –
можа дамам од “навешаць”.
Майстар паіграць на флейце.
Дамам, гукі, сны навейце!
Майстар верхавой язды –
наравісты конь, застынь!
Моц мацуем у руках мы,
ды жывём не толькі гэтым –
мы танцоры, музыканты,
шахматысты і паэты.