Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Варыяцыі на тэму этнапсіхалогіі беларусаў

Сярэдняя: 2.7 (6 галасоў)

Краіна васількоў, што лашчаць вочы,
балотаў, што затуляць ад навалы,
дзе ручайком ліецца смех дзявочы,
дзе войнаў след крывавы і трывалы…

І

Зямля не ведае спачыну –
і нараджае, і выхоўвае дзяцей
сваіх – звяроў, раслін, людзей,
якім заўсёды падстаўляе сваю спіну
і лашчыць, і кладзе у дамавіну,
і помніць яна дні свае ўсе, ночы,
і зрэдку сніць свой сон цяжкі, прарочы.
Ты так не любіш безвыходнай нематы
і промні сонца п’еш з ахвотай ты, –
краіна васількоў, што лашчаць вочы.

ІІ

У той краіне пушчаў і бароў
ужо няма сядзіб старых, фальваркаў,
няма тэатраў школьных, слаўных паркаў,
што назіралі за забавамі паноў…
Там галасы былых гаспадароў
ніколі ў замках не пачуюць залы…
Там спяць на рэках чоўны і прычалы,
там дзесь стаяў у лесе ідал боства
язычніцкага, і было паўсюды мноства
балотаў, што затуляць ад навалы.

ІІІ

Здаўна жылі тут продкі-ваяры –
іх смеласці мог пазайздросціць кожны.
І ў час нялёгкі, цёмны, час трывожны
ядналіся дзеля свабоды жыхары,
ішлі змагацца. Але з даўняй той пары
прапала мужнасць, і ў цябе, народ, жаночы
цяпер характар, што не дазваляе крочыць
адважна ўперад і чужынскім галасам
сказаці: «Край свой родны не аддам,
дзе ручайком ліецца смех дзявочы?!»

IV

Няма ўжо сёння бонды, талакі
й сябрыны – ў цемры Часу зніклі.
і хіжы Страх ужо ашчэрыў іклы.
У выніку тубылец стаў такі
маўклівы, быццам бераг у ракі;
дух заняпаў, ляжыць, бы ліст апалы,
і бачу я паўсюль хлусні завалы…
І ўсё-ткі верыцца, што знікне вір бяды
і годнасць, гонар вернуцца туды,
дзе войнаў след крывавы і трывалы…