Восень любіць
ранкам запаліць цыгарэту
заплюшчыць вочы і падумаць пра сваю адзіноту
пра тое, што яна - восень кахання
восень надзеяў
саркастычна ўсміхнуцца
успомніўшы
як салодка усё пачыналася
восень любіць
назіраць як вецер
(адзін з тых жорсткіх салдафонаў восені)
бязлітасна зрывае апошнюю вопратку
з аголеных сарамлівых дрэваў
усё што ім засталося
маўкліва памерці
каб ізноў уваскрэснуць
(калі Камусьці гэта стане патрэбным)
восень любіць
назіраць як магілы модляцца
як палаюць плаксівыя знічы
і разам з шэрай варонай
якая прыляцела адведаць сваіх памерлых
пакрукаць пра вечнае пра таямнічае
пакрукаць пра надзеі і каханне
паплакаць разам са знічамі
пра тое што памірае
што болей не вернецца