Восень плача…
Восень плача на шэрым халодным двары,
І слязінкі дажджу мыюць шыбы акон.
Мне самотна ад восеньскай гэткай пары
Непазбежнай. Такі ўжо ў прыроды закон.
Восень я не люблю. У ёй "бабіна лета"
Толькі вабіць мяне прыгажосцю сваёй,
Пазалотай лісця, позніх кветак букетам,
І празрыстым паветрам, цяплом, сінявой...
Восень позняя сум у душы выклікае
І настрой невядомай паўнюткі нуды.
Лета вечнага ў нашым жыцці не бывае,
І бягуць без прыпынкаў у Восень гады.
Восень плача. Хіба яна ў тым вінавата,
Што прыйшлося нямоглым лісточкам дрыжаць?
На пачатку была яна шчодрай, багатай,
Ды вось хоча зіма яе месца заняць.
І шкада мне яе. Да сябе запрашаю:
"Ты пагрэйся, не плач больш на волкім двары.
І прабач, я даю табе, восень, што маю..."
Агонь весела ў печы сваволіць-гарыць.
1996 г.