Я шкадую цябе,
Зямля,
Перасмяглая і крынічная.
Экскаватарных гусеніц ляск —
Вось мелодыя
самая звычная.
Нітка болю
заўсёды тонкая,
I няцяжка зусім
парвацца ёй.
Наступае
маральна стойкая
I рашучая
меліярацыя.
У дрыгву
закапалі чорта,
Воран чорны
сваё адкружыў...
Кружаць сёння
над рэчкаю чорнай
Экскаватарныя каўшы.
Гэта дзеецца ўсё,
а не сніцца,
I трывожуся я нездарма,
Бо цячэ недзе ў памяць
крыніца
I вяртання ў яе няма.
Родзіць смутак
мая ралля
I аб літасці
моліць Бога...
Дарагая мая Зямля,
Ты — як сэрца маё —
Уся з болю.