Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

меліярацыя

Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)
                           1
Ha Палессі — пясчаныя буры.
Пыл ляціць перагрэты, густы.
Задыхаюцца дрэў лісты
у прысадах, садах панурых.

Перакатнымі хвалямі пыл
засцілае, нібы завіруха,
небасхіл, што зрабіўся сляпым,
і слупы, што прывучаны слухаць.

За якую правіну такую
за якія такія грахі
на Палессі (не ў Каракумах!)
шлях у полі — ад пылу глухі?

У жытах не чуваць перапёлкі.
Упярэмешку з торфам сухім.
раскашуе ў сухмень на прасёлках
пыл-пясчанік — сівы, як дым.

                           2

Я сведка дзён, калі знікалі рэкі,
дубровы сохлі, гінулі бары.
Грымеў прагрэс:
— Усё — для чалавека!
і шчыравалі хуткіх спраў майстры.

Асушвалі азёры, нібы песні,  —
сыходзіла з калодзежаў вада.
Нібы дакор, плыў пыл над хворым лесам,
замест дажджу — на вецце ападаў.

I там, дзе мёд шукалі на палянах
і ў вочы кветкам пра любоў гулі,
там, дзе кляны з лістотай непрывялай
і рупныя здабытчыкі — чмялі.
 
сягоння — ані гуку, ані зыку.
З надзеяй
каля мёртвага камля
хачу пачуць, як некалі, чмяля —
і прычасціцца музыкай вялікай.

Гукну яго. Вярнуцца запрашу.
Як вернецца — святкуй —
збылося дзіва!
Маўчыць паляна. Сохне без дажджу.
Плывуць хмурынкі —
міма, міма, міма...

                           3

Бяжы, ручай!
Дзіцячы смех, гучы!
Хай смутак не кране вас ветлым раннем
а сяміцветныя вясёлкі-абручы
пярсцёнкамі для закаханых стануць.
А дзе знайсці вады з тае крыніцы,
якую рэактыўны час
                       крылом атрутным не крануў?
У спёку пыл над сцежкай задыміцца —
гарчэй гаркотнага настою палыну.



Сярэдняя: 3.2 (6 галасоў)

Я шкадую цябе,
                           Зямля,
Перасмяглая і крынічная.
Экскаватарных гусеніц ляск —
Вось мелодыя
                        самая звычная.
Нітка болю
                   заўсёды тонкая,
I няцяжка зусім
                          парвацца ёй.
Наступае
                 маральна стойкая
I рашучая
                   меліярацыя.
У дрыгву
                закапалі чорта,
Воран чорны
                      сваё адкружыў...
Кружаць сёння
                         над рэчкаю чорнай
Экскаватарныя каўшы.
Гэта дзеецца ўсё,
                         а не сніцца,
I трывожуся я нездарма,
Бо цячэ недзе ў памяць
                                        крыніца
I вяртання ў яе няма.
Родзіць смутак
                           мая ралля
I аб літасці
                   моліць Бога...
Дарагая мая Зямля,
Ты — як сэрца маё —
Уся з болю.