Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як надыдзе мой час адыходзіць...

Сярэдняя: 3 (1 голас)

Як надыдзе мой час адыходзіць
І мяне пакладуць у труну –
Пасумую адтуль пры народзе
І быццё з небыцця памяну.

Адчаплюся нябачна ад цела,
Адпіхнуся, “бывай” прашапчу
І адчую – нарэшце, ўзляцела
І жывая за светам сачу!

Расчыню, не кранаючы, дзверы,
Атрасу пахавання нуду
І з задушлівай клеткі кватэры
Невідзімкай на волю сыду.

Прабягу на ўспамін па мурогу,
Захаваю пачуцці свае –
Як мне падаюць зоркі пад ногі,
Як мне ноч калыханкі пяе,

Як палаюць світальныя росы,
Як лістота шапоча ў бары,
Як гасцінна вітаюць нябёсы
І пяшчотна люляюць вятры.

Абап’юся салодкім паветрам,
Уздыму дух захоплены свой
І пачну адмяраць кіламетры –
Іншаземкай над роднай зямлёй.

Ды, куды мяне Бог ні направіць –
Ці то ў пекла – гарэць, ці то ў рай,
Я і там буду помніць і славіць
Ненаглядны, чароўны мой край…