Хаця і шмат дзікунства на зямлі,
 але такое – поўны заняпад:
 каб маці-птушка крыламі сваймі
 не бараніла ўласных птушанят.
Каб не карміла і не берагла,
 яшчэ й сама – найгоршая бяда –
 усё дзяўбла, шчыпала з-за вугла
 і па адным выштурхвала з гнязда.
Чаму магчыма ў нас такая рэч?
 Ці ўжо канец сусвету настае –
 калі нашчадкі, звергнутыя прэч,
 з-за тлумнай маці сэрцы рвуць свае?
Шукаюць недзе месца для сябе,
 знаходзяць кут, каб выжыць і крыляць,
 але ўсё роўна маюцца ў журбе:
 ў чужыне сніцца матухна свая.
Хаця яна дагэтуль не знайшла
 ў сабе жадання дзетак прытуліць,
 патомства прагне сонца і цяпла –
 каб у любові ў родным краі жыць.
3.04.2013