Жыццё--рачная плынь
Жыццё нясе нас, як рачная плынь,
Віруе-круціць, бы ў вадавароце,
А недзе засталася неба сінь
І сонечныя зайчыкі на плоце.
Мне кажуць, што і сёння гэта ёсць,
Спрачацца, пэўна, тут ужо не будзеш,
Але маленства, як жаданы госць,
Яго, як ні старайся, не забудзеш.
Цяпер здаецца, што раней было
Усё намнога прыгажэй і лепей.
Дзіцячых сэрцаў ласка і цяпло
Патрэбны нам, як парасткам у глебе.
Як хочацца вярнуцца хоць на дзень
На той далёкі астравок дзяцінства.
Сіней там неба, поле зеляней,
Там многа сонца, радасці, адзінства...
Мы прабяжымся хіба толькі ў снах
Па тых знаёмых, блізкіх нам узлесках,
Дзе веснавы чакае нас размах,
Зямля ў пяшчотных красачках-пралесках.
Жыццё нясе нас, як рачная плынь,
На хвалях мы трымаемся няўмела.
Як хочацца, каб неба таго сінь
Была заўсёды з намі, не цямнела.
1994 г.