Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1994

Яшчэ не ацэнена

Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы – сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?

Ад чаго так бяздумна, бязмоўна
Ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?

Ці таму, што калісьці падступна
Растапталі твой шчыры давер?
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,
Вытраўляліся ўсходы твае?

Што ў стагоддзях варожыя збродні
Распіналі твой лёс на крыжы?
Брат мой, братка мой, братачка родны,
Адкажы – сам сабе адкажы!

Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,
I канаў, і сыходзіў крывёй,
I жывым ты гарэў, а ніколі
Не саромеўся мовы сваёй.

Схамяніся ж, ачніся, агледзься!
Ды разваж, ды раздумай як сьлед:
Што пакінеш ты з поля ў налецьце?
З чым нашчадкі пакажуцца ў сьвет?

Ці паверыў, што род твой бясплодны,
I свой лёс прамяняў на чужы?..
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы. Сам сабе адкажы!



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Цячэ з рассечыны бярозавай
гаркавы, нібы матчыныя слёзы,
празрысты, як бруістая крыніца,
сок-крывіца.
Мяне даймае стынню вечаровай.
…Здаецца, нехта стогне,
нехта плача –
так жаласліва, па-дзіцячы,
а то – і ціха, і бязмоўна…
Як быццам просіць дапамогі.
А я – знясілены з дарогі –
прыпаў без змогі, у здранцвенні,
да той бярозкі, да карэння.
І чую: праз сувой стагоддзяў
таемны голас слых лагодзіць:
«Хлапчына добры, пакляніся,
што зможаш ты мне пакланіцца…
бярозцы гэтай, як каханай,
людзьмі і Богам занядбанай.
Ды толькі – ранняю парою…
З расою, з зорамі, з зарою…
І так тры дні. Ці чуеш ты,
хла-а-пчы-ы-на?..
І стану я –
князёўнаю-дзяўчынай!
А не –
марнець бярозкай мне
з ліхое волі…
І не спаткацца з любым
аніколі…»
І голас сціх, замёр.
Адзін залётнік вецер
палошча, як шацёр,
бярозкавае вецце.



Сярэдняя: 4.9 (126 галасоў)

Хмара чорная з Маскові
Руша саранчой на Оршу,
Топячы наш край у крові,
Гарады ўшчэнт зруйнуўшы.
    Што вы высунулі джала,
    Ці Маскоўшчыны вам мала?

Разгарнуліся на вёрсты,
Сталі ў полі над Крапіўнай;
Вынішчыць прыйшлі пагосты,
Завалодаць слаўнай Вільняй.
    Межы Княства спусташылі,
    Люд бязвінны падушылі.

Ды насустрач лютым гадам
Князь Астрожскі вывеў раці,
Даць адпор ашчэрным катам
Бараніць зямельку-маці.
    Ворагаў ты біў не раз,
    Выратуй і ў гэты час.

Войскі вывеў ты да рэчкі,
Да якой прышоў маскаль,
Вырашыць у боі спрэчкі,
Забрытаць вар’яцку шваль.
    Мосткі праз раку правёў,
    Палкí ноччу перавёў.

Досвіткам шыхты састроіў,
Грымнулі адразу бубны.
Кліч ваярскі дух настроіў,
Затрубілі разам сурмы.
    Кінулася Масква ў бой,
    Але Бог стаяў з Літвой.

Перад войскам на дрыкгане
Князь ў бехцеры гарцаваў.
Бы ваяр з сівых паданняў,
Між харугваў кіраваў.
    Так да поўдня войскі білісь,
    Рукі воінаў стамілісь.

Ды нарэшце над сабою
Князь, наш гетман найвышэйшы,
Булаву ўзмятнуў да бою,
Конніццу павёў, ляцеўшы.
    Пачалася люта сеча,
    Зазвінелі сталлю мечы.

Зноў наперадзе Астрожскі –
Вершнікаў на помсту кліча.
Раптам знікнуў націск жорсткі,
Гетман з войскам назад стрыча.
    Маскалі ўздагон памкнулісь,
    Толькі гэтым падманулісь.

З хуткасцю да лесу гналі,
Раптам князь узнёс булаву,
Буздыганы свае ўзнялі
Ўсе палкоўнікі за славу;
    Размінулісь у бакі
    Княству верныя палкі.

А захопнікі зірнулі
Ў пашчы чорныя гарматаў;
Стрэлы трапныя грымнулі,
Косячы нахабных гадаў.
    Чужакі пусцілісь бегчы,
    З войскам гетман паскок секчы.

Бойню толькі ноч спыніла,
Ды густы гушчар лясоў;
Пушча, й та зладзюг губіла,
Ды дрыгва брала ў смакоў.
    І Крапіўна з Дняпром грозным
    Іх тапіла ў гневе злосным.

На кані, праз Востру Браму,
Гетман з войскамі вяртаўся,
Вызваліўшы край і храмы,
Ён народам праслаўляўся.
    Ворагаў ушчэнт разбілі,
    Родны кут абаранілі.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

ВЯРТАНЬНЕ

Развітаньне...- звычайная справа!
Шмат разоў я ўжо зьведваў яе,
Але...смачная матчына страва
Штосьці комам у горле стае.

За дзьвярыма бацькоўскае хаты
Зноў кажу сваёй шчырай радні:
-Не крыўдуйце,мо ў чым вінаваты?..
Трэба ехаць...Канчаюцца дні...

Пацалункі, апошнія словы,
Гул аўтобусны, Кобрын ды Брэст,
Цягніка перастук адмысловы,
Пецярбургскага вершніка жэст...

Я жыцьцё сваё зноў пражываю,
(Хто памылак у ім не рабіў!),
Кожным крокам сябе адрываю
Ад таго, што пакінуў, згубіў...

І ахвота спыніць тыя крокі,
Каб душа не танула ў журбе,
Бо вятраньне маё,як уцёкі,
Ад сяброў, ад самога сябе.

Не спыніцца.Мне ўжо не спыніцца!
Зноў закруціцца дзён карагод,
Будзе зноў мая вёска мне сьніцца
Кожнай ноччу бязьлітасны год...

Напаўняецца сэрца пустэчай...
Шлях праз мост і кантроль на мяжы...
Пасьля летняй з радзімай сустрэчы,
Я вяртаюся ў горад чужы.

Пецярбург - Ківіылі, 1994 год. З зборніка
вершаў "Сярод белых эстонскіх начэй".Талін 1995.