Жыццёвая паласа
У адчаі не сышоў
З фінішу жыццёвага
І ў няпрошаных гадоў
Долю адваёўваў.
Мроі не адолеў лёс
Грознымі сурокамі.
Я упарта крыж панёс
І гуляў з аблокамі.
Як арол свабодны той,
Пакланяўся сіняму
Небу і зямлі святой,
І кутку радзіннаму.
Позірк вабіў небасхіл,
Да якога вечна йсці.
Я ж ля дзедаўскіх магіл
Спавядаўся ў вечнасці.