Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

наркотыкі

Сярэдняя: 4.6 (20 галасоў)

Яны пазнаёміліся ў інтэрнэце:
яна западала на По й Фэрлінгеці,
любіла кароткія стрыжкі й спагэці –
і ён павёўся на гэты мікс.
Іх лёгкі флірт перарос у нешта,
што апісаў яшчэ Байран і рэшта.
Ні на каго не зважалі й канешне ж
клалі на тое што будзе пасля.

Жыцьцё пралятала даўгім лімузінам
па трасе іх лёсаў, чорным бэнзынам
палала каханьне ў душы, што бяз спыну
імчала за прывідны небакрай.
Няраз уцякалі з бацькоўскае клеткі
пакуль іх школьныя адналеткі
стваралі ілюзію шчасьця ды зрэдку
глядзелі зайздросьліва ў іхны бок.

Яны былі парай, гарачаю парай
у паравозе адчаю, дзе мары –
найлепшае паліва й сьвет ва ўгары
лабае імкліва-шалёны біт.
Адзін аднаго вывучалі як карту
на геаграфіі, каардынаты
важнейшых мясьцінаў шукаючы ўпарта
калі ў адпачынак з’яжжалі бацькі.

Былі быццам музыка «Радыёхэду».
Ўбіралі ў сябе адмысловыя веды,
у Білі Бэроўза і Кастанэды
спраўджаючы свой сінтэтычны рай.
Да ранку сядзелі на ускраінах дахаў
лічылі, бы пацеркі, ўласныя страхі,
і вецер прыносіў няісныя пахі
з краінаў якіх не было і няма.

І вось аднойчы прыйшла паштоўка
ад сябра з Рыму, пісаў: «Сяброўка,
ад суму дохну! Зьбірай тусоўку
і аўтаспынам кіруй сюды!»
Вандроўка выйшла суцэльным трыпам:
іх падабрала сямейка хіпі.
Пранесьліся зь імі па ўсёй Эўропе
дрэйфуючы са сквоту ў сквот.

Чужыя краіны – суцэльны лас-вэгас:
там граеш ва-банк, закладаючы эпас
уласных афёр і дзівацтваў, каб херэс
жыцьця не зрабіўся вадой.
Спачатку ішло ўсё нібы па сцэнары:
абчысьціўшы касу ва ўроцлаўскім бары
рванулі ў нутро кантынэнту, дзе ў стара–
імпэрскай сталіцы ўзялі Гранд Палас.

А потым былі скандынаўскія ф’ёрды.
Купіўшы пад Осла старэнькага «Форда»
ў рыбарскай правінцыі некалькі содняў
жылі як ніколі яшчэ не жылі.
Ім сонца блішчэла халоднаю рыбай.
Ўзьбярэжжам хадзілі анёлы – іх німбы
сьвяціліся ў мяккім сутоньні нібы
малыя рухомыя маякі.

Яны толькі ў Рыме ўвайшлі ў фазу
напраўду дзікага трансу й джазу –
іх сябра адкінуўся ад перадозу
і ўсе наклаліся хто як мог.
Нонстоп ужывалі таблеткі й траўку,
штодня распадаючыся на кавалкі,
забіўшы на ночы, на дні і на ранкі,
бо смутак хвалямі біў цераз край.

Калі не трымае не сьвеце нічога,
ты дзёрзка гуляеш у д’ябла і бога.
Яны разумелі што кайф ненадоўга,
ды хуткая лепш за павольную сьмерць.
Узыход раскрываў свой чырвоны веер
калі на сустрэчнай ўляцелі ў трэйлер.
Напэўна і іхні нябесны Геймер
стаміўся ад гэтай гульні.