Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

продкі

Сярэдняя: 4.7 (51 голас)

Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але ТУТ нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі здабытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць.

Яны аддалі нам меч і касу,
Слова з вуснаў, цяпер нямых...
I нам немагчыма пайсці адсюль
I пакінуць са смерцю іх.



Яшчэ не ацэнена

Лёс у дзядоў не быў салодкі,
Бяда да косці церла плечы.
Яны дарма не дралі глоткі,
Казалі словы ў грознай сечы.
Але і ў бітве з чорным збродам,
Да донца помстаю працятыя,
Адной рукой трымалі зброю,
Другою — для раллі зярняты.
Лёс наш турботны і шчаслівы.
Пад зіхатлівым сінім небам
Вядзе мяне мой век імклівы
Па той зямлі, што пахне хлебам.
Ды, ўспамінаючы старое,
Дзядоў, бацькоў я чую голас —
Адна рука ляжыць на зброі,
Другая лашчыць спелы колас.



Яшчэ не ацэнена
                           П. У. Броўку

Мая радзіма —
Жытні колас,
Сінь мурагу, язміну цвет.
Яна — 
Пілы гарачай голас,
Калёс цяжкіх глыбокі след...
Мая радзіма —
Дзе з-за бору
Ўзыходзіць месяц уначы,
Дзе ў братнім ладзе, ў дружным зборы
Жылі калісьці крывічы...
Валілі лес, аралі ляды,
Сушылі гуртам нераты
I да туманных даляглядаў
Ганялі спраўныя плыты.
Дзяцей бацькі вучылі строга
Любіць саху, пчалу, зямлю
I аднаму маліцца богу —
Нялёгкай працы мазалю.
Таму і праўнуку, і ўнуку
Было няміла нішчыць, біць;
Ён вывучаў адну навуку,
Адно евангелле: рабіць...
Рабіў ён зрубы залатыя,
Нарогі, гонкія чаўны
I сцены белыя Сафіі
Над плынню быстраю Дзвіны.
Умеў мой продак човен ладзіць,
Паліць ікластыя карчы,
Таму, хто ў роспачы, —
                                          дарадзіць,
Таму, хто ў горы, —
                                      памагчы...