Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Эдзі Агняцвет

agnjacvet.jpg

Нарадзілася 11 кастрычніка 1913 года ў горадзе Менску ў сям'і служачых. Сапраўднае імя - Каган Эдзі. Пасля заканчэння сямігодкі працавала на менскім заводзе «Камунар» (1930), год правучылася ў менскай будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1934). Завочна вучылася на педагагічным аддзяленні літфака педінстытута (1934-1936), працавала рэдактарам Беларускага радыё (1934-1938), кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР (1939), у аддзеле паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1940-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Ўзбекістане. У 1945-1946 гг. працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Сябра СП СССР з 1937 г.

Першыя вершы надрукавала ў 1929 г. Піша пераважна для дзяцей. Выдала зборнікі паэзіі «Маё пакаленне» (1935), «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Край мой родны» (1945), «Дарога ў будучыню» (1949), «Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965), «Круглы год: Выбранае» (1966), «Жаданне» (1971), «Спадзяванне калыханак» (1983), «Закаханым» (1986), паэму «На беразе Волгі» (1940). Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Васількі» (1947), «Ля піянерскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Госць з далёкай зямлі» (1958), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Першы ліст» (1966), «Падарожнік» (1969), «Піянерская гама» (1970), «Краіна маленства» (1975), «Мы сур'ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Доктар Смех» (1977), «Ад зярнятка да вясёлкі» (1981), «Хто пачынае дзень?» (1982), «На двары алімпіяда» (1984), «Буду настаўнікам» (1990), паэмы «Песня пра піянерскі сцяг» (1949), «Мы будзем сябраваць» (1955, дапрацаванае выданне ў 1979), кніга для чытання ў 4 класе «Роднае слова» (з Я. Івашуціч, 1989). У 1976 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Аўтар лібрэта опер для дзяцей «Джанат» (1962, ставілася ў 1944, 1947, 1974), «Марынка» (урыўкі ў 1958, пастаўлена ў 1956).

Пераклала на беларускую мову паасобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, М. Ушакова, Г. Ахматавай, В. Шэфнера, А. Барто, Л. Украінкі, М. Бажана, Я. Судрабкална, С. Карыма і інш., кнігу Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з А. Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Я. Османіса «Сабака з рагаткай» (1976), Г. Сулейманавай «Сорак косак» (1982), М. Джаліля «Я гляджу на зоры» (1985). З французскай мовы пераклала кнігі П. Ж. Беранжэ «Выбраныя песні» (1960), «Краіна Паэмія» (анталогія французскай паэзіі для дзяцей, 1962), А. Экзюперы «Маленькі прынц» (1969), Г. Апалінэра «Зямны акіян» (1973), П. Элюара «З табою» (1980).

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. У 1986 г. узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. К. Андэрсена за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей «На двары алімпіяда».



Сярэдняя: 4.5 (58 галасоў)

Саня – першы грамацей,
А за ім ідзе Мацей.
Саня піша:
«Роўна ў восім
На футбол з'евіцьца просім».
– Непісьменная аб'ява,
Класу нашаму – няслава!
Раззлаваўся грамацей.
Перапісвае Мацей:
«У нідзелю роўна ў восям
На футбол з'явіца просям».
– І куды вы ўсе глядзелі?
Не ў «нідзелю»,
А ў «недзелю», –
Хомка – трэці грамацей –
Напісаў яшчэ прасцей.
Цэлы стос паперы чыстай
Сапсавалі футбалісты...



Сярэдняя: 4.5 (83 галасоў)

Зямля з блакiтнымi вачамi -
Раздолле рэчак i лугоў!
Тут называюць Васiлькамi
На Беларусi хлапчукоў,

Звiняць крынiцы, як цымбалы,
Сцяжынкi свецяць у лясах.
Палі, узгоркi, перавалы -
Прасторны шлях, далёкi шлях!

Краiна славы партызанскай,
Краіна міру i даброт!
Ты - наша гордасць,
Наша казка,
Як сонца, шчодры твой народ.

Твае сыны,
Твае унукі,
Мы любiм гул тваiх бароў.
І рэкi цягнуцца, як рукi,
Да цёплых, верных рук сяброў.



Сярэдняя: 4.4 (29 галасоў)

Калі б магла вясёлку з неба зняць,
Я падарыла б маме.
Каб з хмарак я магла дыван саткаць.
Я падарыла б маме!
Пралескі ўсіх лясоў і стужкі рэк
Я падарыла б маме.
І ласку, і цяпло на доўгі век
Я падарыла б маме!
Святло бяроз і песеньку малой
Сініцы сінякрылай –
Хачу паднесці ўсё, што мне самой
Матуля падарыла.