Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Рыгор Сітніца

Сярэдняя: 4 (7 галасоў)

...
Зімы недарэчная рэшта –
Сьнег падае і растае.
Ды ўсё ж ён нагадвае нешта,
Пра штосьці забыць не дае.

і ў памяці цёмным закутку
Адшукваю словы твае,
А сьнег, як метафара смутку,
Зноў падае і растае.



Сярэдняя: 3.1 (10 галасоў)

А болей ні слова – маўчы,
Касету пастаў, уключы –
Хай сум у сутоньні паўсонным
Паўстане з журбой на мяжы;
Хай з музыкаю «nostalqіe»
Пра Шэрбурскія парасоны
Смуткуе душа унісонна
Над шнарамі колішніх ран...
Здымаю маэстра Легран,
Я свой капялюш перад вамі,
Здымаю, хаця й не нашу,
Ды дзякуй, бо часам душу
Ратуе ў жыцьцёвым бедламе
Ваш сентыментальны матыў;
Хай некаму ён – прымітыў,
іроніі варты, - ня болей,
Ды рэхам рэальнага болю
Камусьці пазначыцца сьлед,
Пакінуты сьціплым матывам, -
Наіў на мяжы з прымітывам –
Ды можа вось гэткім наівам
Адно і ўратуецца сьвет.



Сярэдняя: 3.2 (9 галасоў)

А калі ўжо здаецца, што выйсьця – ніякага,
і што шэраю фарбай запэцканы лёс, -
Раптам бачыш, як белае, чыстае, мяккае,
Першасьнежнае дзіва сыходзіць з нябёс.

Палахліва-нясьмелае, -
белае-белае...
Урачыстае, -
чыстае, чыстае, чыстае...
Суцяшэннем-спагадаю
падае, радуе...
Закалыхвае –
ціхае, ціхае, ціхае...
А я вышняю цішаю верш гэты вышыю,
Першасьнежжам журбу сваю зацерушу,
і стэрыльна-нябеснаю белаю цішаю
Забінтую параненую душу.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

На Сьвіцязі вечар і ціша такая, што лепей забыць,
Якое стагоддзе цяпер кватарантам у календары,
і самае слушнае будзе –
тут проста гадзіну пабыць,
і, чуеш, душа мая,
лепей нічога тут не гавары.
Бо што – нашы словы адносна вялікае гэтай вады?
Што – нашыя клопаты ўсё і праблемы? –
адна недарэчнасць.
Бо ў нас на зямлі –
усяго мітусьлівыя дні і гады,
А ў Сьвіцязі – Вечнасьць.
і гэта напроста вада,
падуладная вудам, чаўнам, невадам.
і гэта ня так сабе дрэвы,
што рэхам твой крок паўтарылі,
Бо кожнае дрэва, і бераг, і камень
тут маюць імя маладое Адам.
Тут кожная кветка, і сьцежка, і хваля
завуцца Марыляй.