Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Адпусціце...

Яшчэ не ацэнена

Адпусціце мінулае —
тое, што цягне назад
і гняце, замінаючы ўзняць перабітыя крылы.
Што, апутаўшы лейцамі, сёння, нібы канакрад,
у загон заганяе душу, пазбаўляючы сілы.

Адпусціце балючае —
ўсё, што павінны забыць —
як дзіцячыя крыўды, ушыбы, парэзы, ангіны...
Не мусольце, бы вернікі — чоткі, "прывязную" ніць.
Не смакуйце, як піва — пітушчыя, скіслыя віны.

Адпусціце, запомніўшы
толькі дэ-факта: было.
І зрабіўшы свае, ўзбагаціўшыя розум, высновы.
І пакінуўшы ў сэрцы набыткам... не нечае зло,
а навуку дабра — прабачэння і міласці словы.

Адпусціце без плачу —
як Бог адпускае грахі —
па раскаянні духа, па стогну маленняў гарачых.
Бо небачнае бачыць: і мукаў-пакутаў мяхі,
і вялікую скруху: "Ізноў бы пражыць, ды іначай!"

Адпусціце без жалю —
і ціхенька выкіньце прэч —
як стары чамадан — перакошаны, з ручкай парванай.
Ці замшэлае рыззе — даўно не карысную рэч,
не прыкрыўшую нават рубцамі "заросшыя" раны.

Адпусціце па ветры —
і сэрцайку стане лягчэй
ад таго, што вузлы, навязАныя ў ім, распусціла...

А цяпер...

А цяпер...

Не хавайце ад шчасця вачэй!

Паглядзіце вакол!

Як цудоўна жыццё, Божа мілы!