Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

пакуты душы

Сярэдняя: 3.6 (14 галасоў)

Адпусціце мінулае —
тое, што цягне назад
і гняце, замінаючы ўзняць перабітыя крылы.
Што, апутаўшы лейцамі, сёння, нібы канакрад,
у загон заганяе душу, пазбаўляючы сілы.

Адпусціце балючае —
ўсё, што павінны забыць —
як дзіцячыя крыўды, ушыбы, парэзы, ангіны...
Не мусольце, бы вернікі — чоткі, "прывязную" ніць.
Не смакуйце, як піва — пітушчыя, скіслыя віны.

Адпусціце, запомніўшы
толькі дэ-факта: было.
І зрабіўшы свае, ўзбагаціўшыя розум, высновы.
І пакінуўшы ў сэрцы набыткам... не нечае зло,
а навуку дабра — прабачэння і міласці словы.

Адпусціце без плачу —
як Бог адпускае грахі —
па раскаянні духа, па стогну маленняў гарачых.
Бо небачнае бачыць: і мукаў-пакутаў мяхі,
і вялікую скруху: "Ізноў бы пражыць, ды іначай!"

Адпусціце без жалю —
і ціхенька выкіньце прэч —
як стары чамадан — перакошаны, з ручкай парванай.
Ці замшэлае рыззе — даўно не карысную рэч,
не прыкрыўшую нават рубцамі "заросшыя" раны.

Адпусціце па ветры —
і сэрцайку стане лягчэй
ад таго, што вузлы, навязАныя ў ім, распусціла...

А цяпер...

А цяпер...

Не хавайце ад шчасця вачэй!

Паглядзіце вакол!

Як цудоўна жыццё, Божа мілы!



Сярэдняя: 4.9 (19 галасоў)

Бывае, сум агорне, змога,
А дзень за днём — паўзе з начы...
Куды мне бегчы ад сябе самога?
Не, ад сябе самога не ўцячы!

Ты кажаш мне: "Пакiнь дзiвачыць
I лепей смейся, а не плач!
Не можаш свет пераiначыць,
Дык сам сябе пераiнач!"

А як сябе пераiначыць,
Калі ў табе таксама свет?
I для цябе ён столькi ж значыць,
Як i бязмежнасць, як сусвет!

I, можа, iсцiна у гэтым
I мэта — у вечнай барацьбе
Твайго маленечкага свету
З тым, што не змесцiм у сабе?



Сярэдняя: 4.7 (6 галасоў)

Як я стамілася, Божа,
хадзіць басымі нагамі
па гэтаму бездарожжу,
між гэтымі галасамі;
жадаць быць акутай лясамі,
развеянай ў полі вятрамі.
І сілы німа, мой божа,
прабіцца праз агароджу.

Халодным каменнем акутая,
схаваная ў шэрых мУрах,
душа мая век пакутуе
у гэтым духоцці тлуму.
Бясконцым аглушана шумам,
у шэрых схаваная думах,
нібыта вакол яе лютая
зіма. Так душа пакутуе.

Яна памірае, мой божа,
ад сонца дурнога цяпла.
Ёй кволай і бездапаможнай
хацелася крыху святла.
На сумную зорку пайшла,
ды толькі вады не знайшла.
Тут смага - напіцца не можа:
яна памірае, мой божа.

Мой божа, трымай маю душу,
дай волю за тымі мурамі,
бо я ўжо трываць тут не мушу,
бо глебы німа пад нагамі.
Бо, скутыя ланцугамі,
пабіты яны камянямі.
І раны гаяцца ня слушна.
Мой божа, трымай маю душу.

А там на пакосе так вольна,
гарэзліва лётаюць птушкі,
і човен калышыцца сонна
на хвалях радзімай рачушкі.
Над ім мітуслівыя мушкі
гуляюць ў свае паскакушкі.
Аблокі - авечая воўна,
паветра ўдыхаецца поўна.

Малю на каленях, мой божа,
забітая бездарожжам,
аб белі авечых аблокаў,
аб каласах і балотах,
аб ліпеньскіх цяжкіх спякотах -
аб волі малю цябе, божа,
каб сбегчы ад гэтых турботаў,
ад гэтага бездарожжа…



Сярэдняя: 3.2 (11 галасоў)

Не задзімай сваё святло!
Не рві духоўную аброць!
І, як бы цяжка не было,
Ў абдымкі цемры не сыходзь.

Нясі цярпліва долі крыж
І не імкніся наракаць!
Бог не дае паклажы звыш
Таго, што здолееш стрываць.

А напаўзе туга, адчай,
Не спавівай душу нудой,
Сабе закіснуць не давай –
Змагайся дзеяннем з бядой!

Калі ж адолееш усё
І ўбачыш сонейка з-за хмар,
Скажы з усмешкай: ”О, жыццё!
Ты – блаславенны Божы дар.”

4.04.2011