“ Мне сняцца сны аб Беларусі…”
        Я. Купала
           Пралог
Каб пачынаць  з  чысцюткага ліста ,
Я  б паўтарыў  яшчэ не раз вандроўку
У велічны загадкавы Кітай ,
 Пра што жадаю ўзгадваць я зноўку.
Нібы на стужцы , нагадае мне
Пра час нядаўні зноў карціна тая.
Як я стаю з сябрамі на Сцяне *
І ўголас Багдановіча чытаю.
Як уздымаўся ўвысь фунікулёр
 Да неба , да аблокаў і вяршыняў,
 І быў палёт да гор , нібы да зор.
 Што пахаваліся ў нябёсах сініх.
І бачылася , што куды ні глянь ,
Прастора ўся напоўнена вякамі
 І  веліччу, нібы гара Тайшань ,
 Якая паўставала перад намі.
І плыў над храмамі салодкі дым
 І да яго працягвалі мы рукі.
Здаецца ні стагоддзі , ні гады
 Спакой такі не здолелі парушыць.
Былі мы на радзіме мысляроў,
Настаўнікаў , асветнікаў , паэтаў,
 Пісьмёнаў даўніх  і таемных слоў.
 Я лёсу  зноў падзякую за гэта
 І буду я яшчэ не раз казаць ,
Што толькі так сусвет спазнаць магчыма ,
Каб у кутках далёкіх пабываць
І ўбачыць зноў Радзіму прад вачыма.
* Вялікая Кітайская сцяна – унікальны помнік гісторыі і архітэктуры сусветнага значэння.
             ***
Якая над Шанхаем ноч плыве
 І зоркі зіхацяць над хмарачосам !..
І цеплаход, і ветлыя матросы-
Усё гэта ўспамінам ажыве.
І я тады , на тым краі зямлі,
Маленькаю пясчынкаю сусвету
Адчуў усю бяскрайнюю планету
 І сіл , раней не зведаных , прыліў.
Бо там і Мінск , і родны Полацк мой.
Якія так далёка ад Шанхая .
 А паміж імі – я , як ніць жывая.
Уплеценая ў вечнасці сувой.
Гатэльны нумар , нібы той каўчэг ,
 Ляцеў праз ноч , спякотны душны морак ,
 Да вечнасці , да тых шанхайскіх зорак .
 І быў яго імклівы лёт і бег.
Ды голас мне  нашэптваў : “ Пачакай.
Вось толькі ў небе месяц заіскрыцца,
Табе Радзіма любая прысніцца
 І прыплыве праз сон табе ў Шанхай.
Сон першы
Над цэркаўкаю промень залаты,
Нібы  з нябёсаў таямнічых посах,
І Полацк , што падораны мне лёсам,
 Не страціў сваю веліч праз гады.
А ў келлі адзінокай цішыня
 І толькі дух нябачнай Ефрасінні.
 Чакае ранак зноў у высях сініх
Пачатак новы маладога дня.
І Лік святы праз мроіва муроў
 Вярнуўся  ў храм праз сівізну стагоддзяў ,
Каб памяццю застацца у народзе ,
Каб светлым промнем засвяціцца зноў.
Бо фрэскам тым непадуладны час.
 А як іх замалёўвалі вякамі !...
Ды зрушыўся вякоў замшэлы камень,
І вось яны ізноў  прыйшлі да нас.
І я так верыў  , полацкі хлапчук ,
 Што слава майго горада аднойчы
Адкрые  родным палачанам вочы,
Каб годнасць на зямлі сваёй адчуць.
Прадслава , сёння бачыў я праз сон ,
 Як ты ступаеш басанож па полі
 Да вечнасці , да еднасці , да волі ,
 Праз тлум вірлівых і панылых дзён.
Каб Еўфрасінняю прыйсці да нас,
Нібыта светлым променем  іскрыстым
І словам мудрым , як крыніца чыстым,
Нас бласлаўляць зноў праз вякі і час.
А потым бацька сніўся малады,
 І думалася : ён , бадай , не знае,
 Што сёння яго бачыў у Шанхаі,
Як крочыў ён праз мройны светлы дым.
Сон другі
Мае малыя , Оля і Максім ,
 На возеры са мной у лодцы цеснай
 Смяюцца і спяваюць звонка песні
 І я старанна падпяваю ім.
І я яшчэ не ведаю , што тут,
Дачушка у Шанхаі   будзе побач,
А з сынам буду дома , ў Мінску , поруч
 Пісаць артыкулы пра родны кут.
Сцякаюць кроплі буйныя з вясла ,
Сінее  лес на беразе далёкім,
 І столькі сонца , возера , аблокі
Нам дораць і спагады , і цяпла …
Сон трэці
Над Прагаю буяе лістапад,
 У золаце дамы , бульвары , храмы.
  І казачныя  рыцары і дамы
Ідуць паважна ў каралеўскі сад.
І мой зямляк у манціі сваёй.
Якога называюць тут Францыскам ,
Што выправіўся з дому ў шлях няблізкі,
 Каб тут адвечны свой знайсці спакой.
Ад Полацка яго пачаўся шлях.
Яго, свой горад  ён навек уславіў.
І помнік сваёй мудрасці паставіў
 У друкаваных вылітых радках.
Ён на чужыне , як і я , праз ноч
Імкнуўся да Дзвіны , да ранкаў росных ,
Да вечароў , празрыстых і марозных ,
 Да светлых мрояў і прыгожых сноў.
Як пчолы вуллі памятаюць, так.
Як птушкі гнёзды родныя , святыя ,
Ён нёс сваёй зямлі радзімай знак ,
Па ёй заўжды праносіў настальгію.
Сон чацвёрты
Ля Брацкай школы я хадзіў не раз
 І там пад ціхі пошум думных кронаў
Узгадваў пра манаха Сімеона,
Пра яго вучняў ,  пра суровы час.
Калі яго паклікала ў Маскву
 Паэзіі  высокае служэнне
 І рыфмаў размаітае мігценне,
Што назаўжды ўскружыла галаву.
І там , у клетцы залатой , калі
 Сярод палат раскошных і харомаў
Імкнуўся ён у думках пакрыёма
 Да полацкай адвечнае зямлі.
Бо Полацкім назваўся назаўжды,
Пакінуўшы ў гісторыі найменне.
Высокае , як дух і як знаменне
Нам , каб яно свяціла ўсім заўжды.
Сон пяты
На светлым лузе над Дняпром сівым
 Ідзеш , бялявы , ўмешлівы , прыгожы.
Гаворыш мне пра ЛІМ.  Пра лёс , пра “ Вожык “.
Пра ўсё , калі ты быў яшчэ жывым.
Цябе каторы раз прысніў я зноў.
І кожны раз, калі ідзеш праз лета  .
  Праз луг , які завецца Пісьмянкоў,
Куды збіраюць кожны год паэтаў.
І ціснецца салёная сляза ,
І даўні твой радок перафразую :
-Алесь , табе не хочацца назад ?
І ведаю : адказу не пачую.
Замест эпілога
Так у шанхайскай ночы я прысніў
Усё , што жывіць мроі і памкненні.
 І ў гэтым дзіўным летуценным сненні
Сваёй Радзімай дарагой я жыў.
Так шмат цудоўных месцаў ёсць вакол.
Але чаму сваё шукаюць вочы?
Чаму ізноў прачнуся сярод ночы.
Убачыўшы світанне над ракой?..
І цэркаўкі маленькай сілуэт,
І саду красавіцкія пялёсткі,
І Беларусі гарады і вёскі—
Адзіны назаўжды Айчыны свет.
Яна – маё натхненне і выток .
Яна – мая нявеста і каханка .
Пяшчотная , як маці калыханка.
Нібы гаючае вады глыток .
 Я не стамлюся пра яе спяваць!
І хай ўвальецца  гэты сціплы голас.
Нібы зярнятка ў поўны спелы колас .
І большага не стану я жадаць.
Лім  №43 за 1 лістапада 2013г.
 
        	
Дзякуй за паэму "Адзінае".
Дзякуй за паэму "Адзінае". Паэзія "жывая"! Вельмі добра.