Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Чараўнік-саксафаніст

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Каля метро, у пераходзе,
Там, дзе і птушка не пяе,
МузЫка россыпам мелодый
Прахожым сэрца раздае.
Чахол старэнькі расчыняе,
Бярэ бліскучы саксафон –
І раптам рэха ажывае
І падпявае ва ўнісон.
Сціхаюць шоргаты і крокі,
Прастора ўспыхвае святлом.
Падземны купал невысокі
Здаецца дзіўным алтаром.
Пакуты блюзу блаславеннем
Ляцяць у будняў дысананс.
І цягне ўпасці на калені
І умаляць: “О, музыкант!

О, чараўнік-саксафаніст!
Цябе пачуць – якая ўдача!
Ты не знікай! Сыграй на біс!
Душа абуджаная плача!
Хоць выбіраеш ты наўгад
Рэпертуар, я заміраю:
Тваіх мелодый вадаспад
Да слёз, да дрыжыкаў кранае.”

Прылада гучная, жывая
Пляце ажурнае віццё.
То нешта шэпча, то спявае,
То размаўляе пра жыццё,
То ціха скардзіцца, то стогне,
То разганяе пыл турбот.
І ў нашы сэрцы, нібы ў вокны,
Хлынае танга ці факстрот.
А пад нагамі музыканта
Ў чахле збіраюцца рублі –
Не плата таленту-брыльянту,
А знак пашаны і любві
Ад зацікаўленых падлеткаў,
Інтэлігентаў-слухачоў,
Пенсіянера з цыгарэткай…
А я стаю, малюся зноў:

“О, чараўнік- саксафаніст!
Цябе пачуць – якая ўдача!
Ты не знікай! Сыграй на біс!
Душа абуджаная плача!
Хоць выбіраеш ты наўгад
Рэпертуар, я заміраю:
Тваіх мелодый вадаспад
Да слёз, да дрыжыкаў кранае.”

11.02.2011