(Пародыя на Уладзіміра Корбана)
Ў калгасным полі, пад прышчэпленай вярбой,
Якая над вадою голле распусціла,
Адна дзяўчына лынды біла...
А што ж рабіць было ёй тут адной?
А на вярбе, між іншым, спелі дулі!
Яны дзяўчыны ўвагу хутка прыцягнулі...
Ды як жа дулі гэныя дастаць?
Хаця яны навідавоку,
Але вісяць не нізка, а высока!
Дзяўчына села, пачала чакаць:
Мажліва, ёй і пашанцуе —
I дуля спелая сама ў рот упадзе...
Як тут Цярэх каня паіць вядзе,
I ў дзеўкі ён пытае:
— Паласавацца дулямі жадаеш?..
— Так-так, Цярэшачка, мой галубок,
Ускоч на дрэва, сарві мне дуль з пяток...
— Бач ты, паненка, ка-ра-ле-ва!
А трасцы ў бок!
Сама ты ўзлезь на вербу, патрасі —
Вось дуль і пад'ясі!
Ці чула?
А седзячы, як пень, з'ясі ты скулу!
Цярэх — хамула і лапух
I не тыповая ў наш час фігура...
Разгорнем барацьбу за масавую фізкультуру,
Каб кожны лазіў на вярбу!
....
....