У маладосці нядоўгі век –
ведае кожны з нас.
Сумныя жарты рыхтуе лёс,
і непазбежны скон...
Ды, не зважаючы ні на што,
хлопцы іграюць джаз
І прыпыняюць на гэты час
вечны быцця закон.
Пад вуркатанне басовых струн
сола вядзе раяль,
Дотык пяшчотных пальцаў ён
ператварае ў гук.
І падаецца ударнік-зух
чараўніком амаль –
Так заварожваюць спакваля
лёгкія рухі рук.
Дорыць надзею на нейкі цуд
гэты паўцёмны склеп,
Радасць гармоніі, волі дух
адчуваюцца ў ім.
Хай не заменіць найлепшы джаз
просты надзённы хлеб,
Але ж не хлебам адным жывем,
дальбог, не хлебам адным!
Дальбог! Не хлебам адным!
Цудоўна!