Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мне варона дасужая...

Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)

Мне варона дасужая
Лёс калісьці накаркала:
Што мне ў пару прысуджаны
Будзе венчаны з чаркаю.

Будзе венчаны з чаркаю,
З хмельнай лютасцю шэраю.
Мне варона накаркала –
Я таму не паверыла.

Я таму не паверыла,
Але гэтак і сталася:
Лапцем ліханька мерыла,
Морам слёз упівалася.

Морам слёз упівалася,
Насычалася з’едкамі,
Нібы птушка, матлялася
Над маленькімі дзеткамі.

Над маленькімі дзеткамі –
Каб з гаротай не зналіся,
Каб дзівоснымі кветкамі
Да святла павярталіся.

Да святла павярталіся,
Да сусвету адкрытага,
За матулю трымаліся,
Не за бацьку прапітага.

Не за бацьку прапітага,
А за веды глыбокія,
Што, старанна дабытыя,
Стануць пэўнай палёгкаю.

Стануць пэўнай палёгкаю,
Накіруюць і вывядуць –
І на мэты высокія,
І на мудрыя вывады…

Мне варона дасужая
Лёс калісьці накаркала:
Што мне ў пару прысуджаны
Будзе венчаны з чаркаю.

Будзе венчаны з чаркаю,
З хмельнай лютасцю шэраю.
Мне варона накаркала –
Я таму не паверыла…

Я таму не паверыла,
Але з год ужо ёсьціка,
Як зямельцы даверыла
Свайго мужа-нябожчыка.

Свайго мужа-нябожчыка
Пахавала, аплакала…
А за дзетачак, Божачка,
Ад душы шчыра дзякую!

24.01.2011