- Мой дом, бывай!
...І паўстане залеў адказам,
Зайдзецца машына балючым даўгім гудком.
Багажнік прыстукнуў, як кропка ў канцы расказа.
Бывай, мой дом.
Мы некуды едзем бясконцымі заваротамі,
Па змытай дарозе прасоўваемся ледзь-ледзь.
Раённае радыё скардзіцца перашкодамі,
Але і без іх анічога не зразумець.
А недзе кватэра прыснула ў ружовых шторах.
Чакае, пакуль удыхну навасельны пах.
Прададзена хата.
Я хутка прыеду ў горад
І, можа, забуду яе састарэлы дах.
Напэўна, забуду пра ганак, калодзеж, поўню,
Што цьмяна глядзіць у блакітны вячэрні сад.
Лягчэй не прыгадваць.
Здаецца, прасцей не помніць.
Мой дом, выбачай!
Бо дарогі няма назад.
І кроплі сцякаюцца стужкай буйнога срэбра,
Зрываюцца хмары за морачны небакрай...
Мы едзем кудысьці, куды мне зусім не трэба.
Мой дом, бывай.