Недасканалая істота
 жытло здымае ува мне.
 і так кіруе мной употай,
 што ўсё жыццё па-свойму гне.
 Хоць не даюся я, пракуда
 у кожнай справе, кожны міг
 суе даўжэнны нос усюды
 і распускае свой язык.
 Хаця ўсяго-ткі кватаранка,
 а гаспадарыць – хоць крычы:
 як пачынае звягу зранку,
 так і пілуе да начы.
 Дае бясплатныя парады –
 што можна мне, а што – ні-ні
 і пільна кідае пагляды
 на свет мой знешні з глыбіні.
 Бывае так, што ледзь не плачу
 з-за нейкай болькі, а яна
 з мяне страсае справаздачу,
 і што не так – мая віна.
 А ноччу ў бок мяне штурхае –
 ці быль абдумваю сваю,
 ці, бессаромная такая,
 ужо даўно салодка сплю.
 Вось так і мучымся мы з ёю:
 хаця агульны маем дах,
 я з недарэкаю сваёю
 амаль штодзённа “на нажах”.
 Магчыма, Бог таго жадае,
 каб кожны з нас анёлам стаў.
 ды як магчыма рэч такая,
 калі ўнутры – не ідэал?!
12.01.2013