Што чалавеку горш за ўсё?
Хтось кажа – смерць, а хтось – хваробы,
Адным – жабрацтва шкумаццё,
Другім – не мець у сэрцы Бога.
Спыталі тое ў мудраца:
“А ты што думаеш, шаноўны?”
Ён адказаць паабяцаў,
Паразважаўшы больш грунтоўна.
І так, і гэтак бавіў час,
І там, і тут шукаў цярпліва.
І вось, нарэшце, даў адказ,
Ды не звычайны – ўсім на дзіва:
“Ўсяго гаротней на зямлі
Не атрымаць чаго жадаеш.
Але яшчэ найгорш, калі
Чаго не хочаш, атрымаеш… “