О, як жа, беларуская зямля,
Ты таленты старанна нараджаеш!
Яны – бы глебы шчодрай ураджаі,
Багацце, што збіраеш спакваля.
Усходзяць, прарастаюць з глыбіні,
Як парасткі – да сонца – паасобку
Нашчадкі – дыяменты-самародкі,
Твае, матуля, дочкі і сыны.
Твой гонар – кожнай дзейнасці майстры:
Настаўнікі, ўрачы і навукоўцы,
Рабочыя, сяляне і кіроўцы,
Айчыны абаронцы-ваяры.
І творцы ўсіх галінаў: мастакі,
Пісьменнікі, музыкі і паэты…
Яны – жывая скарбніца сусвету –
Адметныя паўсюдна маякі.
Усе яны – і плоць твая, і кроў –
Вялікая і светлая надзея
На тое, што душу тваю сагрэюць
Іх таленты і шчырая любоў.
Дык чым іх гэтак вабіць іншы рай?
Раскошай ці якойсьці там свабодай?
Чаму няма ў іх сэрцах ціхай згоды?
Нашто сыходзяць з роднага двара?
А ты, матуля, сумна ўслед глядзіш,
Махаеш сваёй хустачкай гаротна…
О, колькі ж іх знікае незваротна:
Берлін,
Варшава,
Лондан,
Рым,
Парыж!
7.10.2011