Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Я памятаю чарадзейны край...

Сярэдняя: 4.6 (11 галасоў)

Я памятаю чарадзейны край,
Дзе вольны птах і дзікі кот нарвежскі
Дапамагалі мне адшукваць сцежкі
З людской гамэрні ў непазбыўны рай.

Любіла ў лесе я шпацыраваць,
Каб зліцца ў адно цэлае з прыродай,
Бо толькі ў ёй – сапраўдная свабода,
І толькі ў ёй душой магу лунаць.

Праз хмызнякі і састарэлы мох,
Далей у цемру, у гушчар, у неруш;
Там месціцца адзіны, каму верыш, --
Сусветны дэміург, паганскі бог.

Ён патлумачыў мне, адкуль мой род:
З-пад брам хваін, ад шамацення зёлак,
З азёрных нетраў, ад бліскучых зорак,
З абшару, дзе ўладарыў Рагвалод.

Тады, на момант затрымаўшы ўздых,
Я знітавала ў сваім сэрцы безліч:
Красу і моц зямлі, прасторы веліч,
І таямніцы валуноў сівых.

Цяпер мне млосна, розум у журбе.
І вабяць зноў далёкія мясціны.
Што ж сталася? Чаму ў сваёй Айчыне
Чужой я мушу адчуваць сябе?..