Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Я прыйшоў у той дом...

Сярэдняя: 4.9 (11 галасоў)
Я прыйшоў у той дом,
Дзе гарачыя пахнуць аладкі,
Я прыйшоў у той дом –
Захацелася матчынай ласкі.

Захацелася мне
На хвіліну назад азірнуцца
І з узгорка гадоў
У дзяцінства на хвілю вярнуцца.

Я прыйшоў у той дом –
Ён стаіць пасярэдзіне саду.
Я прыйшоў у той дом,
Што ў вайну быў разбіты снарадам.

Вось на ганак ступіў
У кароценькіх штоніках шэрых
І дзіцячай рукой
Адчыняю рыпучыя дзверы.

Мне ўсміхаюцца ў доме
І печка,
          і вокны,
              і сцены...
Толькі штосьці сягоння
Твар маці такі задуменны.

Ціха кажа:
– Відаць,
Нам тут жыць засталося нямнога.
Сёння трэба, сынок,
Нам збірацца хутчэй у дарогу...

Азірнуліся мы,
Калі выбух пачулі снарада,
І з узгорка убачылі,
Як зашугала над садам.

...Я прыйшоў у той дом,
Дзе гарачыя пахнуць аладкі,
Я прыйшоў у той дом –
Захацелася матчынай ласкі.

І баюся цяпер
Пакідаць гэты дом на хвіліну:
Я калісьці у ім
Назаўсёды дзяцінства пакінуў.

Толькі выйду на шлях,
Азірнуся з узгорка –
Над садам
Ён зноў запалае,
Разбіты варожым снарадам.