- А ці ведаеш ты, што такое вайна?
- Я таксама не ведаю, дружа!
Только помню бабульку, якая адна
Пяць дзяцей падымала без мужа.
Тая бабка была маці мамы маёй.
Мужа-бацьку на фронце забілі,
І жыццё ёй цягнуць давялося адной
За дваіх - Васіля і Марылю.
А ці ведаеш ты, як дачушкі праз плач
Бацьку клікалі, верачы ў цуды,
Як трывожна крычаў сярод ночы крумкач,
Наганяючы страху пакуты?
А пра лагерных чуў ты, палонных, дзяцей,
Чуў пра камеры з газам, пра печы,
Колькі весак палала, а з імі людзей
Задыхалася ў дыме ад крэчу?
А ці чуў як знішчалі твае гарады,
Як Радзіма чарнела ў руінах,
Колькі гора пранёс твой народ праз гады
Па крывавых вайны каляінах?
А ці бачыў, як стогне ад бомбаў зямля,
І, крывёю заліта, не родзіць,
Як сумуе без зерня вясною ралля
І адказу «чаму?» не знаходзіць?
А не ведаеш, дык запытай у магіл,
Абеліскаў, у помнікаў воям -
Колькі слёзак гаротных народ мой праліў
Засланяючы мір наш сабою!
А не ведаеш, бо ты шчаслівым расцеш,
Бачыш неба і сонейка зранку,
І любуешся летам, дзе ліпа цвіце
Пад цудоўную песню заранкі.
А не ведаеш, бо твой спакой сцерагуць
Абаронцы, што служаць Айчыне,
І запомні, мой дружа, дзе мір берагуць
Там ніколі жыццё не загіне!