Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць

Мастер класс для детей краснодар куда пои ти с ребенком в краснодаре.

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1969

Сярэдняя: 4.7 (144 галасоў)

Дзе мой край? Там, дзе вечную песьню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзьвіною, нібы карабель...
Там, дзе сэрца маё зь першым крокам, як молат, заб'ецца,
Калі б нават сьляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сьляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
І бары-акіяны, і неба - разьлівы ільноў.

Дзе мой край?
Там, дзе людзі ніколі ня будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціньнем і добрае сонца ўгары.

Там зьвіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца зь зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты - наш край.
Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх зьнічак густых фасфарычная раць,
Ты - наш сьцяг, што нікому, нікому на сьвеце, нікому
Не дамо абсьмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
І апошняй ральлёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі ня кінем,
Ня кінем,
Ня кінем цябе.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Дзяцінства час! Яго як не было...
Ды як жа быць яму у маім ранку,
Калі вакол страляла і гуло,
Бяда не адыходзіла ад ганка.
Дзяцінства, дзе ты?!
Мо за плугам ты?!
А можа за калючай бараною?!
...Як побач ты і як далёка ты,
Украдзенае страшнаю вайною.
...Дзе, на якой з тых агнявых дарог, -
Ты з голадам і горам у абдымку, -
Туліла клуначак ля босых ног.
І на якім чыгуначным прыпынку
Зышло?.. Шмат год
Мінула з той пары...
Як пагляджу навокал
мне здаецца:
На школьным ці
на ясельным двары
яно вось-вось званочкам
засмяецца.

1969 год



Сярэдняя: 4.4 (35 галасоў)

"Падымiся над бядой i болем,
Калi ты не кволы чалавек... "
Я - не волат. Я бываю кволым.
Часам слёзы блiснуць з-пад павек.

Над сваёй бядой, сваёй загубай
Я ўздымуся... Ды не дай ты бог,
Каб над болем Бацькаўшчыны любай
Я падняцца калi-небудзь мог!



Сярэдняя: 4.6 (64 галасоў)

Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на спіне Левіафана,
Радуга на крылах навальніц.

Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, —
Адкажы на вуха ўладару,

Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на свеце
Без цябе, танюткай і слабой?