Цешуся словамi:
"Вера... Надзея... Любоў...
Мiр i спакой..." —
i ўслаўляю Тварца за багацце —
мову,
якая,
па веры
у сiлу замоў,
творыць наяве
"збыванне" слаўца-немаўляцi.
Найпрыгажэйшага:
"радасць", "удзячнасць" i "лад"...
Гукi звiняць i лiкуюць,
як сонейка ўвесну.
Ззяннем
душу
асвятляюць —
бы квеценем — сад —
i наталяюць, сасмяглую,
маннай нябеснай.
Пояць вадой,
што не мерай струменiцца звыш:
"Божая мiласць",
"лагода" i "Божая ласка".
Чуеце?
Бачыце?
Знаеце?
Верыце?
Вы ж...
змалку таксама упiтвалi
"збыўныя" казкi!
Дыхалi песнямi —
тымi, што мацi калiсь
вас закалыхвала —
хваляй сваiх блаславенняў:
"Каб
здаравЕнькiя
ды
шчаслiвЕнькiя..." i
морам другiх пажаданняў
i шчырых "хаценняў".
Добрае слова —
бясцэнны дарунак нябёс,
дзiўнае дзiва, якое падорана людзям,
дзейная сiла,
калi
вера Божая ёсць,
i след-пячатка
на кожным тварэннi:
"Ды будзе... "
24.02.2019