Нарадзіўся 18 сакавіка 1918 г. у вёсцы Вылева Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага.
У 1941 г. скончыў філалагічны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у зенітнай артылерыі, прымаў удзел у баях на Бранскім, Цэнтральным і 1-м Беларускіх франтах. У 1945 г. дэмабілізаваўся, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Нясвіжскай педагагічнай навучальні, у сярэдняй школе № 3 Нясвіжа.
Першыя вершы надрукаваў у 1936 г. У час Вялікай Айчыннай вайны вершы друкаваліся ў газетах «Савецкая Беларусь» (Масква), «За свабодную Беларусь» (Калінінскі фронт), у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», у франтавых і армейскіх газетах. Аўтар зборнікаў вершаў «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954). «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Родныя мясціны» (выбранае, 1968), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (выбранае, 1978), «Сустрэчы» (1983), «Мой аўтограф» (1988), «Рукі салдата» (1990). Напісаў зборнікі вершаў для дзяцей «Добры дожджык» (1960), «Я вясну малюю» (1962), «Дзе вясны пачатак» (1965), «Ручаёк» (1969), «Вясновыя тэлеграмы» (1976), «Фарбы восені» (1982), «Звініць ручаёк» (1988).
Склаў зборнік вершаў і ўспамінаў пра М. Сурначова «Акопны спеў» (1986). Перакладае з расейскай, украінскай і польскай моў.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі.
Сябра СП СССР з 1947 г.